Навіны

Гісторыі і парафіяльныя падзеі

Усе, хто бываў унутры Будслаўскага касцёла, бачылі цудоўны жывапіс. Давайце сёння даведаемся пра яго крыху больш!

Майстрам манументальнага жывапісу быў Казімір Анташэўскі (1757-1805), шляхціц герба "Эліта", які плённа працаваў у беларускіх касцёлах напрыканцы XVIII стагоддзя і па словах Уладзіміра Сыракомлі “быў лепшым мастаком у Мінску былых часоў”. Майстар-манументаліст меў свайго мецэната ў асобе Яна Нікадзіма Лапацінскага, старасты мсціслаўскага, які сам займаўся творчасцю і асабліва любіў тэхніку гравюры, а яшчэ ён быў апантанным калекцыянерам мастацтва. Дарэчы, аб якасці яго збору магчыма меркаваць па пярліне яго калекцыі – гэта палатно пэндзля Яна Рутэма з групавым партрэтам Марыі Мірскай, Адама Напалеона Мірскага і Барбары Шумской у «італьянскім» стылю. Твор яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя захоўваўся ў віцебскім маёнтку Сар'я, а цяпер ен упрыгожвае Музей Нарадовы ў Варшаве. Дарэчы, фрэскі Будслаўскага касцела маюць таксама дачыненне да Італіі.

Фрэскі Будслаўскага касцёла выкананы ў тэхніцы fresco secco, гэта значыць, жывапіс рабіўся не адразу па вільготнай  тынкоўцы, а праз некаторы час, што дазваляла майстру больш дэталёва працаваць над творам.

Дарэчы, фрэскі Будслаўскага касцела маюць таксама дачыненне да Італіі. Роспіс сцен касцёла, пабудаванага ў 1767-1783 гадах, зроблены ў пануючым стылю таго часу з выкарыстаннем аптычнай перспектывы, па-французску названай «трамплёй» альбо “падман зроку”. Радзімай такога насценнага жывапісу лічыцца Італія, а калі больш дэталёва – гэта старажытныя фрэскі Пампей, Геркуланума і Стабіі. Перспектыўныя роспісы ў Пампеях пачалі ўжывацца ў 60-х гадах нашай эры, амаль перад самай трагедыяй выбуху Везувія. Такі стыль фрэсак так і завецца: чацвёрты «пампейскі», альбо ілюзорны, фантастычны ці перспектыўна-арнаментальны. Праўда такія аптычныя прыёмы перспектывы магчыма знайсці і ў творах мастакоў Ранняга Адраджэння, такіх, як Мазаччо,  у яго цудоўных роспісах капэлы Бранкачы, ці ў Ватыканскіх станцах  Рафаэля. Але менавіта з другой паловы XVIII стагоддзя Італія стала своеасаблівай Мекай для аматараў гісторыі і мастацтва. У сярэдзіне XVIII стагоддзя археолагамі былі “явлены миру” шматлікія  антычныя помнікі, у тым ліку каля вулкана Везувія. У той час стыль класіцызму пануе ў мастацтве Старога Свету. Таму з усяе Еўропы перадавая моладзь лічыць сваім абавязкам убачыць шэдэўры антычнага мастацтва. Дапамагаюць у гэтым працяглыя, часам па некалькі гадоў, культурна-асветніцкія падарожжы па еўрапейскіх універсітэтах з абавязковым наведваннем Рыма, Неапаля і Венецыі. Усё гэта называецца пафасна «Grand Tour». Многія нашы суайчыннікі і мастакі пілігрымуюць у Італію набрацца натхнення ад старых “антыкаў”. Нядзіва, што Анташэўскі ў сваёй творчасці звярнуўся да “пампейскіх” прыёмаў фрэскавага жывапісу. Ці быў сам майстар у Італіі, як і яго роўнагодак Францыск Смуглевіч, які як раз падчас роспісаў Будслаўскага касцёла вяртаўся з Рыма ў Вільню? ... Наўрад ці. Тым не менш, Анташэўскі дасканала ведаў прыёмы і стылістыку новых еўрапейскіх плыняў у манументальным мастацтве і стварыў шэдэўр у тэхніцы грызайлю (en grisaille), які не саступае знакамітай «Галерэі Ганзага», якую выканаў італьянскі дэкаратар П'етра дзі Гатарда Ганзага (1751-1831) для Паўлаўскага палаца ля Санкт-Пецербурга. Твор Ганзага называюць «Цудам Паўлаўска» ... Дык чаму твор Анташэўскага  нельга назваць «Цудам Будслава»? Тым больш, што гэта адзіныя фрэскі майстра, некранутыя познімі рэстаўрацыямі – іх мы бачым ў першатворным стане.

Аўтар Ігар Сурмачэўскі. Мастак, рэстаўратар, дызайнер.

«Тут хвалу нашага Бога і майго Сына, і маё заступніцтва заўсёды будзеце мець. Гэтае месца я выбрала сабе як надзейны прытулак грэшным людзям.»
з аб'яўлення Маці Божай у Будславе
Рэлігійная абшчына «Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі»
Рэспубліка Беларусь, Мінская вобл., Мядзельскі р-н., аг. Будслаў, вул. Чырвоная плошча 8
УНП 600195666
+375 (1797) 3-13-99
+375 (1797) 3-13-73
+375 (29) 365-83-01

email парафіі: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.