Навіны

Гісторыі і парафіяльныя падзеі

Традыцыйны Будслаўскі фэст, унесены ЮНЕСКА ў рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, сёлета адбыўся 30 чэрвеня – 1 ліпеня.

Урачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі ў год юбілею 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай па рашэнні беларускага каталіцкага епіскапату пройдуць пад дэвізам «Марыя — Каралева Беларусі».

Сёлета ў Будслаў пешкі і на роварах прыбылі 1862 пілігрымы.

Пробашч будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік прывітаў у нацыянальным санктуарыі 16 пешых пілігрымак: дзевяць з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, шэць з Віцебскай, дзве з Гродзенскай і адну з Пінскай дыяцэзіі, а таксама дзве пілігрымкі на роварах: з Віцебска і з Мінска. Разам з пробашчам пілігрымкі пры ўваходзе ў базыліку сустракаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Самай вялікай па колькасці ўдзельнікаў была пілігрымка Мінск–Будслаў, у якой ішло 258 чалавек, а самай працяглай — пілігрымка з Баранавічаў, якая працягвалася дзевяць дзён, а маршрут склаў 278 кіламетраў.

Таксама на Фэсце быў спецыяльны госць - Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскуп (зараз ўжо кардынал) Клаўдыё Гуджэроцці, якога Папа Францішак прызначыў сваім Спецыяльным пасланнікам на ўрачыстасцях у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай з нагоды 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза Апякункі Беларусі.

Папскі пасланнік пешкі прайшоў да будслаўскай базылікі ад фігуры Маці Божай, што на ўездзе ў мястэчка перад мостам праз Сэрвач, далучыўшыся да групы пілігрымаў з Нарачы пад кіраўніцтвам айцоў кармэлітаў босых.

Арцыбіскупа Гуджэроцці прынялі як аднаго з пілігрымаў і павязалі на шыю традыцыйную жоўтую хусцінку, з якой нарачанцы прайшлі ўжо 26 пешых пілігрымаў у Будслаў.

Спецыяльны пасланнік Святога Айца ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы 1 ліпеня а 11-й гадзіне.

Увесь Фэст на партале Catholic.by вялася прамая трансляцыя з урачыстасцяў у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе, якую можна паглядзець нiжэй.

«Тут хвалу нашага Бога і майго Сына, і маё заступніцтва заўсёды будзеце мець. Гэтае месца я выбрала сабе як надзейны прытулак грэшным людзям.»
з аб'яўлення Маці Божай у Будславе
Рэлігійная абшчына «Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі»
Рэспубліка Беларусь, Мінская вобл., Мядзельскі р-н., аг. Будслаў, вул. Чырвоная плошча 8
УНП 600195666

+375 (1797) 4-87-70
+375 (29) 365-83-01

email парафіі: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.