Гісторыя, цуды, малітва...

Маці Божая Будслаўская

«Найсвяцейшая Панна Марыя — вобраз Касцёла, Зорка ранiшняя  адроджанага праз ласку роду чалавечага, прыклад i трывалая на­дзея для ўсiх, хто iмкнецца да Нябеснага Валадарства Ерузалем, святло ўсходу.»

Св. Ян Павел II

Малітвы

Малітва да Маці Божай Будслаўскай

Маці Божая Будслаўская, наша Пані і Каралева, мы, Твае падданыя, схіляючы пакорна перад Табою галовы, абяцаем, што заўсёды і ўсюды будзем вернымі Богу, Сыну Твайму, нашаму Збаўцы, вернымі Табе і Касцёлу.

З бязмежным даверам аддаем Табе ў апеку нас саміх, нашыя сем’і, нашыя парафіі, нашыя дыяцэзіі, наш Касцёл на Беларусі.

Аддаем Табе ў апеку нашых дзяцей, нашу моладзь і дарослых, асабліва хворых, церпячых, слабых, самотных, старых, пакінутых, сіротаў і ўсіх, каму патрэбныя дапамога, падтрымка і абарона.

Апякунка наша, Каралева наша, дапамагай нам, кіруй намі, апякуйся намі.

Тваёй абароне аддаемся, Святая Багародзіца. Амэн.

Малітва ахвяравання сябе Маці Божай

Маці Божая, Беззаганная Марыя! Табе прысвячаю цела і душу маю, усе малітвы і працу, радасць і цярпенні, усё, чым я ёсць, і ўсё, што я маю. Шчырым сэрцам аддаюся Табе ў няволю любові. Даю Табе поўную свабоду карыстацца мною дзеля выратавання людзей і дзеля дапамогі святому Касцёлу, Маці якога Ты з’яўляешся. Хачу з гэтага часу рабіць усё з Табою, праз Цябе і дзеля Цябе. Ведаю, што ўласнымі намаганнямі нічога не зраблю. Ты ж усё можаш па волі Сына Твайго і заўсёды перамагаеш. Апякунка верных, учыні, каб мая сям’я, парафія і ўся Айчына сталі сапраўдным Валадарствам Твайго Сына і Тваім Валадарствам. Амэн.

Інтэр'ер касцёла

Перспектыўны алтар і яго італьянскае паходжанне

Ежы Кавальчык

Старажытны алтар Найсвяцейшай Панны Марыі ў капліцы пры манументальным касцёле позняга барока ў Будславе дзякуючы сваёй незвычайнай архітэктуры абудзіў цікавасць беларускіх і польскіх гісторыкаў мастацтва.