Інакенцій Русецкі OFM

З гісторыі Будслава і Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай

Сённяшні Будслаў — гэта невялічкая вёска ў Мядзельскім раёне Мінскай вобласці, але яна мае багатую гісторыю. На працягу сваёй гісторыі Будслаў з’яўляецца адным з самых папулярных марыйных санктуарыяў айцоў-бэрнардынаў. У 1504 г. князь літоўскі і кароль польскі Аляксандр Ягелончык аддаў манахам бэрнардынам 600 моргаў1 лесу ў Мінскім павеце паміж рэчкамі Сэрвеч, Турака і Зуйка. У тым жа годзе манахі пабудавалі для сябе часовыя ша­ла­шы, якія называліся будамі, а таксама невялічкае памяшканне для цэлебравання святой Імшы і набажэнстваў. Браты былі адпраўлены сюды з Вільні, каб сплаўляць дрэва ў віленскі кляштар. Манахаў спачатку было двое, пасля — трое, а ў палове ХVІ ст. — чацвёра. Браты вялі замкнёнае пустэльніцкае жыццё. Гэта трывала да 80-х гадоў ХVІ ст., калі пустэльня на Сэрвечы стала вельмі папулярнаю дзякуючы цудоўнаму аб’яўленню Маці Божай, якое адбылося каля 1588 г. У хуткім часе (у 1589 г.) тут была пабудавана вялікая драўляная капліца для шматлікіх пілігрымаў і вандроўнікаў, што прыходзілі ў гэтае асаблівае месца. Капліца была асвячоная ў 1591 г. віленскім біскупам Кіпрыянам, які належаў да ордэна дамініканаў. У ёй змясцілі абраз Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, прывезены з Вільні. З таго часу гэтае месца пачало называцца Будаю і Будславам.

1 Морга — мера плошчы, каля паловы гектара. (Заўв. рэд.)

Шырока вядомая легенда так апісвае гэтыя падзеі: «Аднойчы ўзімку адзін з братоў [бэрнардынаў], наглядаючы за кляштарнаю пло­шчаю, пасля аб’езду лесу вяртаўся пад вечар да сваіх будаў, і ноч напаткала яго ў лесе. Мароз і вецер былі жудасныя, ноч — цёмная, хоць вока выкалі, ваўкі вылі страшэнна, бедны манах даверыўся Богу, дрыжучы ад холаду і страху... Ён не ведаў, блізка ці далёка яшчэ дадому, калі раптам заўважыў нейкае ззянне, як бы агонь нейкі, што свяціўся праз дрэвы. Узрадаваўся, хутка накіраваўся ў той бок, думаючы, што натрапіў, калі не на ўласныя буды, з якіх ніколі так не свяцілася, то на якое-небудзь іншае жыллё. Але як жа ён здзівіўся, калі, выбіўшыся вузенькай сцежкай з гушчару, апынуўся пад самаю сваёю капліцаю, а над ёю ўбачыў у незвычайным святле, нібы ў сонцы, выяву Маці Божай, менавіта такую, якая знаходзілася ў адным з алтароў ві­лен­скага касцёла.
З глыбокаю пашанаю пакланіўшыся гэтаму цудоўнаму аб’яўленню, ён пабег і разбудзіў братоў. Усе падняліся і на ўласныя вочы ўбачылі гэтае аб’яўленне; сталі на калені і маліліся, аж пакуль святло і абраз Маці Божай не зніклі. Манахі прыйшлі да высновы, што Багародзіца вызначыла гэта месца для асаблівай хвалы сваёй, і адразу ж паведамілі пра гэта здарэнне ў Вільню. Аб’яўленне паўтаралася некалькі разоў, а тым часам прыехалі кіраўнікі ордэна і пасля прысягі відавочцаў перавезлі сюды з віленскага касцёла абраз, які так цудоўна аб’явіўся...»
Усё большая слава пра Будслаў і вялікі наплыў пілігрымаў прымусілі бэрнардынаў распачаць пабудову мураванага касцёла. Фундатарам касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі быў Ян Кішка, гетман Вялікага Княства Літоўскага і ваявода полацкі. Значны ўклад у будоўлю касцёла зрабіў лоўчы Мікалай Ісайкоўскі. Пабудаваная святыня стала адной з найпрыгажэйшых сярод бэрнардынскіх касцёлаў.
Захаванае апісанне будслаўскага касцёла прадстаўляе яго так: «Пабудаваны ў выглядзе крыжа, у стылі позняга рэнесансу, ён адразу прыцягвае ўвагу вандроўніка сваёй прыгожаю, шырокаю белаю мансардаю, якая крыху вы­ступае з двума ярусамі і з дзвюма ўпрыгожанымі разьбянымі капітэлямі калонамі мансарды; дзве вельмі прыгожыя і цалкам закончаныя вежы, аж з чатырма ярусамі, ствараюць у гледача ілюзію, што ён знаходзіцца дзесьці там, над Нёманам, каля гродзенскай фары. Франтон касцёла здалёк вызначаецца шасцю стылёвымі вокнамі, трыма дзвярамі галоўнага ўваходу, каменнымі сходамі, ужо вельмі сцёртымі з-за часу, дажджу і чалавечых ног; сваім выглядам, гармоніяй і веліччу ён захоплівае ўяўленне госця, пераносячы яго ў думках у іншыя, мінулыя часы.
Сам будынак касцёла з чатырма крыжовымі навамі, атынкаваны, накрыты чарапіцаю, — вельмі вялікі; голас святара, які цэлебруе каля вялікага алтара, ледзь даходзіць да хораў; голас прапаведніка з амбоны часта знікае, хоць касцёл мае добры рэзананс. На сценах — роспіс, выкананы ў выглядзе фрэсак, на скляпеннях захаваўся даўні роспіс; ён прадстаўляе сабой не толькі ўпрыгожванні, але і абразы; калі і кім яны былі намаляваныя, цяжка вызначыць.
Будынак касцёла складаецца з дзвюх частак: старога касцёла, пабудаванага ў 1643 г., і новага, пабудаванага ў 1783 г. <...> Новы касцёл мае 12 алтароў. Галоўны алтар аддзелены ад асноўнай прасторы касцёла. За алтаром — да сённяшняга дня добра захаваны манаскі хор айцоў бэрнардынаў. Вялікі алтар, пабудаваны як бы ў два ярусы, быў прыстасаваны да стылю касцёла <...>. У гэтым алтары, у нішы, змешчаны цудоўны абраз Маці Божай з Дзіцяткам Езусам на руцэ. Абраз па памерах невялікі, у срэбным акладзе, у каронах, упрыгожаных камянямі <...>. Вакол абраза — раслінныя арнаменты і чалавечыя постаці, а з чатырох бакоў пададзены тэкст з Евангелля паводле св. Мацвея, 11: «Сляпыя бачаць, кульгавыя ходзяць, памерлыя ўстаюць з гробу». На скляпеннях і на сценах у выглядзе фрэсак намаляваныя вобразы з жыцця святых.
Калісьці ў будслаўскім касцёле амаль усюды былі фрэскі, але з аднаго боку час, бяз­літасны вораг усяго на свеце, з другога — няўмелая чалавечая рука большасць з іх знішчылі. У бакавых алтарах прыцягваюць увагу абразы св. Казіміра, св. Тадэвуша; каля алтара св. Барбары — драўляны крыж, інкруставаны, часткова ўпрыгожаны перламутрам, прадстаўляе ўкрыжаванне Пана Езуса.
Стары касцёл — нізкі, мураваны — вельмі прыгожы. У ім знаходзіцца арыгінальны алтар — разьбяны, з фігурамі святых Старога Запавету. Уверсе — прыгожы алейны абраз Маці Божай Балеснай і рэліквіяр з рэліквіямі. На невялікіх хорах ёсць таксама малы арган, аддадзены пасля касацыі парафіяльнага касцёла ў Куранцы пад Вілейкаю».
У галоўным алтары святыні быў змешчаны абраз Мадонны, які паходзіў з палацавай капліцы Яна Паца, віленскага ваяводы. Абраз у хуткім часе стаў знакамітым, бо вернікі, якія маліліся перад ім, атрымлівалі патрэбныя ласкі і аздараўленне.
Манахі бэрнардыны з Будслава вялі такую ж самую пастырскую дзейнасць, якую вялі манахі ў іншых кляштарах: цэлебравалі святую Імшу, удзялялі святыя сакрамэнты, прапаведавалі, кіравалі рэлігійным брацтвам і трэцім законам св. Францішка. Аднак галоўным кірункам пастырскай дзейнасці ў Будславе было распаўсюджванне культу Маці Божай і духоўная апека над пілігрымамі. Пастырскім клопатам бэрнардыны ахоплівалі таксама мясцовае насельніцтва, бо з цягам часу вакол кляштара ўзнікла паселішча.
9 снежня 1787 г. паўстала новая парафія. Бэрнардыны апекаваліся таксама філіямі ў Бярозаўцы, Матыках і Жосне, а ў ХІХ ст. яны пэўны час абслугоўвалі філіі ў Завішыне (1841–1843 гг.), Дунілавічах (1841 г.), Друі (каля 1855 г.), Куранцы і Радашковічах (каля 1855 г.).
У 1793 г. бэрнардыны заснавалі ў Будславе пры сваім кляштары пачатковую школу, дзе выкладалі двое манахаў. Вучыліся тут дзеці з Будслава і навакольных вёсак. Пазней пры кляштары была адчынена музычная школа, якою апекавалася дачка харунжага Скарульская. Яе наведвала каля 15 вучняў. У 1731–1797 гг. у будслаўскім кляштары размяшчалася школа маральнай тэалогіі і рыторыкі. Манахі займаліся таксама харытатыўнай дзейнасцю, даючы ўбогім прытулак і ежу.
Касацыя кляштара ў Будславе адбылася ў 1858 г., і ў касцёле пачалі працаваць дыяцэзіяльныя святары. Яны неслі тут святарскае служэнне да 1939 г., калі касцёл быў зачынены. Аднак святыня ніколі не выкарыстоўвалася для іншых мэтаў, як гэта практыкавалася на тэрыторыі былога Савецкага Саюза. Пасля вайны на працягу некалькіх дзесяткаў гадоў час ад часу ў Будслаў прыяз­джалі святары, каб весці тут пастырскую дзейнасць.
У 1990–1991 гг. Віктар Лукашэвіч з Мінска выканаў грунтоўную рэстаўрацыю цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай, які заняў, як і калісьці, пачэснае месца ў галоўным алтары святыні.
Знамянальным для санктуарыя ў Будславе стаў 1992 год — год першага афіцыйнага паломніцтва да цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай, у якім удзельнічала 45 пілігрымак з 70 мясцовасцяў. Будслаўская святыня пачала адраджацца і развівацца. Колькасць пілігрымаў з кожным годам узрастае.
У 1992 г. была пададзена просьба ў Ватыкан аб наданні касцёлу ў Будславе тытула Базылікі Меншай. Гэты тытул святыня атрымала ў 1994 г.
У 1996 г. у Будслаў зноў вярнуліся бэрнардыны. 2 ліпеня 1998 г. цудатворны абраз Маці Божай Будслаўскай быў каранаваны папскімі каронамі. Брэве аб каранацыі абраза дадзена ў Рыме 7 чэрвеня 1995 г. Вось яго тэкст:

Ян Павел IІ, Папа, дадзена навечна

Найсвяцейшая Панна Марыя — вобраз Касцёла, Зорка ранiшняя  адроджанага праз ласку роду чалавечага, прыклад i трывалая на­дзея для ўсiх, хто iмкнецца да Нябеснага Валадарства Ерузалем, святло ўсходу. Таму на працягу стагоддзяў Касцёл няспынна выпрошваў дапамогу Мацi Божай і гучна праслаўляў Яе цноты.

Паколькi шаноўны наш Брат Кардынал Казiмiр Свёнтэк, арцыбiскуп Мiнска-Магiлёўскi лiстом ад 29 сакавiка, у якiм змешчаны просьбы духавенства i вернiкаў, выказвае пажаданне, каб ад нашага iмя i нашым высокім аўтарытэтам шляхетная карона магла быць ускладзена на адораны ласкамi абраз Багародзiцы, якi ў касцёле Мацi Божай Унебаўзятай у мястэчку Будслаў карыстаецца глыбокаю пашанаю, мы хочам да гэтай пабожнай просьбы добразычлiва аднесцiся.

Таму, беручы пад увагу ўсё тое, чым Кангрэгацыя Божага Культу i Дысцыпліны Сакрамэнтаў сілаю атрыманых ад нас паўнамоцтваў у гэтай справе валодае, моцаю нашай апостальскай улады дазваляем іерарху, якi нас просiць, каб на вышэйзгаданы Абраз ад нашага iмя i нашаю ўладаю ён урачыста ўсклаў каштоўную карону. Маем моцную надзею, што марыйны культ сярод людзей паўплывае на ўзрастанне веры i хрысцiянскага жыцця. Нiякія iншыя законы не могуць гэтаму перашкодзіць.

Каранацыю здзейсніў кардынал Казімір Свёнтэк. У святой Імшы, падчас якой адбылася каранацыя абраза, удзельнічалі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі, біскуп Аляксандр Кашкевіч з Гродна, біскуп Максімільян Дубраўскі з Каменца-Падольскага (Украіна), а таксама больш за 100 святароў з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны.
У сваім казанні кардынал Казімір Свёнтэк падкрэсліў вялікае значэнне для Беларусі будслаўскага марыйнага санктуарыя на працягу ўсёй гісторыі яго існавання. Ён прачытаў папскае брэве аб наданні будслаўскай святыні тытула Базылікі Меншай і абвясціў Маці Божую Будслаўскую Апякункаю і Каралеваю Беларусі. Кардынал сказаў: «У гэты дзень, 2 ліпеня, ва ўсіх касцёлах на Беларусі будзе адзначацца Яе свята». Пасля акта каранацыі і прачытання акта аддання ён абвясціў будслаўскую святыню Нацыянальным санктуарыем Беларусі. У адпаведным дэкрэце кардынала напісана: «Гэты санктуарый Марыі ў Будславе аддаю пад апеку Братоў Меншых Францішканаў — бэрнардынаў OFM, якія пасля доўгага перапынку вярнуліся ў Будслаў і з маёй зго­ды аднавілі свой манаскі дом пры гэтым касцёле ў Буд­славе. Гвардыяну гэтага манаскага дома надаю тытул кусташа санктуарыя Марыі ў Будславе».
Сёння Будслаў зноў з’яўляецца важным пастырскім асяродкам і месцам асаблівага марыйнага культу.