Цуды

Прадстаўляем Вам некаторыя цуды, учыненные праз заступніціва Найсвяцейшай Панны Марыі, якія пералічваюцца айцом Элеўтэрам Зеляевічам у кнізе «Задыяк нябесны на зямлі».

  • ГОД 1617

    У Богу вялебны айцец Язафат Тышкевіч, які цяпер служыць у святой Кангрэгацыі Айцоў Босых Кармелітаў, калі было яму 5 гадоў, цяжка захварэў па волі Божай, аслеп на абодва вокі і цэлы год нічога не бачыў. Калі ж засмучаныя бацькі яго — яго міласць Павел Тышкевіч, троцкі суддзя земскі, і яе міласць пані Цэцылія Асмольская — з вялікай надзеяй і верай у дзень Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі прывялі Язафата ў Будслаўскі касцёл, то як толькі Язафат пераступіў парог касцёла, па ласцы Божай стаў бачыць і цяпер, як жывы сведка адбыўшагася тут цуду, застаўся ў кляштары і служэннем сваім дзякаваў Усемагутнаму Богу за такое цудоўнае аздараўленне.

    У Богу вялебны айцец Рэгінальд Тышкевіч з Кангрэгацыі св. Дамініка ў дзіцячым узросце аж сем год цяжка хварэў. І калі ўжо, на дыване пакладзены, паміраў, а маці ягоная, жонка полацкага суддзі, ў горы і роспачы з вялікім плачам прысвяціла яго таму ж абразу Найсвяцейшай Панны і ў законнікі аддаць абяцала, то адразу ж зрабіўся здаровым і да гэтага дня па ласцы Божай і моцнаму заступніцтву Найсвяцейшай Панны свабодны ад той хваробы. Ён жа, калі быў паранены ў твар, так што вока ледзь не выцекла, прысвяціў сябе абразу і адразу ж зрабіўся здаровым.

  • ГОД 1630

    Яго міласць пан Адам Стахоўскі, страціўшы зрок па прычыне хваробы, даручыў сябе Найсвяцейшай Панне і адразу ж зрок да яго вярнуўся.

  • ГОД 1632
    Пан Ян Вроньскі, ротмістр прыдворнай харугвы яснавельможнага яго міласці пана Януша Кішкі, ваяводы полацкага і Вялікага Гетмана, у маскоўскім паходзе быў паранены і ўзяты ў палон. Але калі сябра ягоны, пан Лукаш Уладоўскі, прысвяціў яго цудоўнаму Будслаўскаму абразу Найсвяцейшай Панны, а сам ён абяцаў, што калі яго Пан Бог у добрым здароўі вывядзе з палону, то ён на 10 чырвоных залатых дасць карону чыстага золата на галаву Пану Езусу, — то з палону па ласцы Божай выйшаў у добрым здароўі і выканаў сваё абяцанне.
  • ГОД 1634
    Пані Палонія Ягальская, жонка Аляксандра Вайсовіча, так нагамі пакутавала, што некалькі гадоў з ложку не ўставала. І калі ўжо страціла надзею знайсці дапамогу ад людзей, з’явілася ёй у сне Найсвяцейшая Панна са словамі: «Чаму ж не прыйдзеш да майго абраза ў Будзе? Там будзеш аздароўленая». Прачнуўшыся ж, як толькі дала абяцанне, адразу ж ачуняла і ў мінулым, 1649 годзе, калі была ў Будзе ў дзень Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны, гэтую ласку Божую, здабытую праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны, перада мною і іншымі вызнавала.
  • ГОД 1638
    Дачка пана Яна Бужынскага, імем Зоф’я, 4 гады, у аўторак у святочны дзень упала ў сажалку і ўтапілася; і, шмат часу там прабыўшы, калі яе выцягнулі, уся ўжо счарнела, вочы выйшлі з арбітаў, не дышала і так раздулася, што сарочку на ёй давялося разрэзаць. Калі ж бацькі з вялікім галашэннем і надзеяй прысвяцілі яе абразу Найсвяцейшай Панны, дзяўчынка адразу ж вярнулася да жыцця; што адбылося на вачах многіх людзей, якія былі тады ў ягоным доме.
  • ГОД 1639
    Панна Барбара Дзягінянка, служанка яе светласці пані Яжыны Зяновіч, жонкі цяперашняга падстолія мінскага, так цяжка захварэла, што як толькі спавядалася і атрымала Святыя Дары, адразу ж памерла, так што не паспела нават праглынуць Святыя Дары, якія святар заўважыў толькі на наступны дзень і праз адкрыты рот з павагаю ў цэласнасці вынуў, лічачы яе памерлай, бо яна чатыры дні ляжала халодным трупам, чакаючы толькі труны, якую ёй рыхтавалі. Але калі сама яе міласць пані падстоліца і святароў папрасіла маліцца за нябожчыцу, і сама ўсе гэтыя тры дні амаль бесперапынна малілася перад цудоўным абразом Найсвяцейшай Панны (бо ўсё гэта адбывалася ў Будзе), з вялікай верай і надзеяй просячы вярнуць жыццё і здароўе гэтай яе служанцы, — то на чацвёрты дзень пасля малітваў і літаніі да Найсвяцейшай Панны служанка паднялася са стала, на якім ляжала, прыбраная для пахавання, цалкам здаровая, быццам і не хварэла ўвогуле, хоць ад моцнай гарачкі ўся счарнела і скура ў яе пачала адвальвацца. Калі ж яе адразу падвялі да абраза Найсвяцейшай Панны (аб чым яна і па гэты дзень сведчыць), то адчула лёгкасць у целе, быццам з яе знялі нейкі цяжар і самую скуру. Усё гэта бачылі многія і духоўныя, і свецкія, якія жывуць яшчэ і сёння, і праслаўлялі Бога за гэты цуд.
  • ГОД 1643
    Яго міласць пан Ян Валадковіч, падсудак мінскі, быў так цяжка паранены куляй, што лекары не спадзяваліся яго бачыць здаровым. Калі ж ён даў абяцанне ў Будзе і як толькі яго прынеслі на гэтае святое месца, дзякуючы заступніцтву Найсвяцейшай Панны адразу ж ачуняў. Вось фрагмент яго сведчання аб гэтым: «Дзякуючы заступніцтву Найсвяцейшай Панны я адразу ж ачуняў і зараз даю абяцанне да сканчэння веку на гэтым месцы бываць, на якім ў многіх абяцаннях маіх праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны адчуваў і адчуваю ласкі Божыя».
  • ГОД 1644

    Пан Павел Хажаевіч з Ашмянскага павету, сын якога цяжка захварэў, прысвяціўшы яго ў Буду, пазбавіўся ад той хваробы, так што раней яна яго кожны месяц мучыла, а цяпер ён ужо шэсць год ад яе вольны.

    Ганна Абрамовічаўна, баярка з вёскі Берлаўшчына, падданая яснавельможнага яго міласці пана Януша Кішкі, ваяводы полацкага і Вялікага Гетмана, пайшла ў нядзелю ў грыбы, і з’явілася ёй у тым лесе ў вялікім ззянні і прыгажосці Найсвяцейшая Панна, седзячы за столікам, на якім гарэлі дзве свечкі. І калі дзяўчына, моцна спалоханая, хацела схавацца, то пачула голас: «Чаму хаваешся? Ідзі сюды! Што гэта вы ў свята працуеце і тым зневажаеце Майго Сына? Ён вам шэсць дзён даў для працы, сёмы дзень абраў для Сваёй хвалы, а вы і яго парушаеце? Ведай жа, што Сын Мой гэтым разгневаны». У знак гэтага Найсвяцейшая Панна дакранулася да дзяўчыны Сваёю рукою, ад чаго тая страціла мову. Пасля нейкая сіла перанесла яе з таго месца на Віленскі тракт да Крывічоў, якімсьці прыгожым і дзіўным шляхам, як сама яна да гэтага дня апавядала. Прыйшоўшы дахаты, яна сядзела, нічога не гаворачы, і маці яе, здзіўленая тым, склікала родных і суседзяў, якія параілі ёй паслаць за знахарамі і варажбітамі, каб шаптаць над ёю. А калі тыя пачалі над ёй варажыць, што з такое сілай пачала яна іх біць і трапаць, што ледзьве іх (ад яе) выратавалі. А пасля цэлых тры дні дзяўчына, нічога не гаворачы, усё паказвала рукой у бок Буды, пакуль нарэшце бацькі не здагадаліся, і на трэці дзень павялі яе ў Буду. Увайшоўшы ў касцёл і стаўшы перад абразом Найсвяцейшай Панны, яна ўсклікнула: «Вось гэтая Панна мне ў лесе аб’явілася і сваёй рукою дакранулася і сюды, да свайго абраза, загадала ісці», і, усё расказаўшы, выйшла з касцёла ў добрым здароўі, зноў набыўшы мову. А зараз, калі я рыхтую гэтую кнігу ў Вільні да друку, 7 мая яна памерла, а замужам была за нейкім Мікалаем Місніловічам.

  • ГОД 1645

    У яе міласці панны Канстанцыі Валавічоўны, дачкі віленскага пісара, усе рукі былі пакрытыя цяжкімі балячкамі і вока пашкоджана, але калі маці яе, яе міласць пані Ганна, жонка віленскага пісара земскага Паца, прысвяціла яе ў Буду, то Канстанцыя ачуняла.

    Яго міласць пан Францішак Касакоўскі з Мінскага ваяводства шчыра расказаў: ягоная дачка пакутавала ад такога моцнага болю ў галаве і вачах, што левае вога ад нясцерпнага болю выйшла з арбіты. І калі ўжо не было ніякай надзеі на аздараўленне, бацькі далі абяцанне каля абраза Найсвяцейшай Панны, і дачка адразу ж ачуняла, быццам бы ніколі і не хварэла. І другім разам, калі тая ж яго міласці дачка ад вялікай пухліны была амаль пры смерці, а бацькі зноў даручылі яе таму ж абразу, — то адразу ж ачуняла.

    Пан Ян Годуць пакутаваў ад такога моцнага галаўнога болю, што таксама аслеп на абодва вокі. І калі ўжо зямныя лекары не маглі яму нічым дапамагчы, ён са слязамі даручыў сябе таму цудадзейнаму месцу, і праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны зрок да яго вярнуўся.

    Яго міласць пан Леварт Язерскі сваю гадавалую дачушку, хворую, амаль пры смерці, даручыў з вялікай верай гэтаму ж абразу, і Бог яго суцешыў яе аздараўленнем. Ён жа пацвердзіў і тое, што калі ягоны слуга, на імя Лукаш Драчыч, які цяжка хворы ляжаў ужо на смяротным ложы і страціў ужо слых і зрок, даручыў сябе таму цудадзейнаму абразу, то адразу ж ачуняў.

  • ГОД 1646

    Яго міласць пан Амета, калі сваю цяжка хворую жонку, якая каля паўтары гадзіны была без прытомнасці, таму святому месцу даручыў, — тая адразу ж ачуняла.

    Яго міласць пан Казімір Сулістроўкі, калі пад ім каня забіла маланкай, а самому апаліла абедзве рукі і галаву, шэсць тыдняў пакутаваў ад моцнага галаўнога болю і заснуць не мог; але, прыведзены ў Буду, з Божай дапамогай паправіўся.

    Елізавета Заборская з мястэчка Браслаў цяжка хварэла, але калі дала абяцанне прыйсці на тое цудадзейнае месца, адразу ачуняла.

    Пан Януш Ганушкевіч, стогнучы ў моцнай гарачцы і страціўшы ўжо ўсялякую надзею, што далей жывы будзе, даў абяцанне наведаць тое цудоўнае месца — і ачуняў.

    Пан Станіслаў Кубілойць, падаючы, так пабіў левую нагу, што ледзьве мог крок ступіць. Але як толькі даў абяцанне прыйсці на тое святое месца — усялякі боль прайшоў.

  • ГОД 1647

    Сын пана Яна Альшэўскага імем Адам, аслаблы ад цяжкой хваробы, так што бацькі страцілі надзею на выздараўленне і думалі пра пахаванне, прадстаўлены да абраза Маці Божай, па Яе хадайніцтву паправіўся і жыве па гэты дзень.

    Пан Мікалай Хадасовіч, ашмянскі шляхціц, будучы ў цяжкой хваробе і страціўшы надзею на папраўку і склаўшы тэстамент, пакінуты лекарамі і сябрамі, як толькі з плачам звярнуўся да абраза Найсвяцейшай Панны ў Будзе і даручыў Ёй сябе, — адразу адчуў палёгку і нараніцу быў зусім здаровы.

    Яе міласць панна Катажына Вайнянка, у моцнай гарачцы лежачы, ужо памірала. Але яе бацькі, а менавіта бацька, яго міласць пан Якуб Война, прысвяцілі яе цудоўнаму Будскаму абразу Найсвяцейшай Панны, і дачка вярнулася да ранейшага здароўя.

  • ГОД 1648

    Пан Габрыэль Куроўскі, шляхціц Мінскага ваяводства, у цяжкай сваёй хваробе з гэтым светам і з жонкай і дзецьмі ўжо развітваўся, калі жонка ягоная прысвяціла яго Найсвяцейшай Панне, ад смяротнай брамы ласкай Божай праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны вярнуўся.

    Пан Якуб Турскі так часта пакутаваў ад моцнага галаўнога болю, што да вар’яцтва даходзіў. Але калі ён прысвяціў сябе абразу Найсвяцейшай Панны ў Будславе, Пан сваёю ласкай і па хадайніцтву Найсвяцейшай Панны пазбавіў яго ад гэтага болю.

    Пані Кацярына (у дзявіцтве Поваш), сужонка таго ж пана Якуба Турскага, едучы з Жыровіцаў дадому, у мястэчку Мір цяжка захварэла. І калі лекары зямныя дапамагчы ёй не змаглі, то па звяртанні да цудоўнага Будскага абраза Найсвяцейшай Панны, пачала папраўляцца і на трэці дзень адчула сябе зусім добра.

    Пані Валадкевіч, праваслаўная, сакавіка 12 дня прыехала ў Буду і дзякуючы Пану Богу за тое, што яе сыночак ачуняў праз яўнае заступніцтва Найсвяцейшай Панны, перад мноствам людзей, духоўных і свецкіх, якія былі на той час у Будзе, так сведчыла: «Дзіця маё цяжка захварэла і тры дні ўжо не размаўляла, а калі я над ім як маці горка плакала, ён раптам загаварыў: „Адыдзі, адыдзі, мама. Сюды прыходзіла Высакародная і Велічная Пані, не дакранайся да яе, бо ты грэшніца, вядзі мяне як мага хутчэй у Буду, туды гэтая Высакародная і прыгожая Пані загадала мяне адвесці, і там я адразу ачуняю”. І адразу ж падняўся з ложка, а я, прыехаўшы з ім сюды, дзякую Пану Богу і Найсвяцейшую Панну за гэтую ласку».

    Вялебны яго міласць ксёндз Аляксандр Паляскі, плябан каржанеўскі, па розных прычынах трываў такі моцны галаўны боль, што ледзьве розум не траціў. Калі ж прысвяціў сябе абразу Найсвяцейшай Панны і даў абяцанне, ласкай Божаю зрабіўся здаровым.

    Яго міласць ксёндз Лаўрэн Хшчаноўскі, плябан хожаўскі, даслаў свайго слугу ў Буду з такім лістом да айцоў, якія там жылі: «Admodum Reverendi ac Venerabilis in Christo Patres (Вялебныя і высокашаноўныя ў Хрысце айцы). Iste miserculus puer patebatur quemdam terribilem defectum hoc praeterio anno (Гэты няшчасны хлопчык пакутаваў такой жахлівай хваробай увесь мінулы год), што тры immediate (запар) чвэрці года біўся галавою, аднімалася правая рука, закатываў вочы, так што страшна было глядзець. І калі я ў гэтай хваробе даў абяцанне прадставіць яго ў Буду, то з ласкі Божай і праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны хваробы гэтая мінула. Таму, каб споўніць piis votis (пабожныя абяцанні), дасылаю яго ў Буду для здзяйснення набажэнства і на Святую Імшу і пакорна прашу, каб гэтая Святая Імша была цэлебравана de Beata Virgina (на хвалу Благаслаўлёнай Панны)».

    У вялебнага айца Кастроўскага, празбітэра, які жыве ў Мінску, так забалелі ногі, што не мог хадзіць. Калі ж даў абяцанне Будскаму абразу Найсвяцейшай Панны, у хуткім часе зрабіўся здаровым. І даў абяцанне, дакуль будзе жывы, прыходзіць да Яе цудоўнага абраза кожны год у дзень Унебаўзяцца Найсвяцейшай Панны на знак падзякі за гэтае дабрадзейства.

    Пан Дадзьбог Войшнар Вількалевіч, мінскі казначэй, так моцна захварэў, што з яго выпадалі вантробы і кроў тры дні і тры ночы ішла горлам і носам; а калі лекары адмовіліся ад яго і раілі родным рыхтаваць яму труну, то ён, страціўшы надзею на людзей, звярнуўся з вераю да абраза Найсвяцейшай Панны ў Будслаўскім касцёле, даў абяцанне са слязамі і шчырай малітвай і, за некалькі гадзінаў аздаравіўшыся, назаўтра ўжо паехаў у Радашковічы ў сваю парафію, абвяшчаючы гэтую ласку Божую.

    Пані Катажына Яноўская-Пешкава з дачкой былі вельмі хворыя, і дачка блізка ўжо была да смерці. Але калі далі абяцанне абразу Найсвяцейшай Панны, да абедзвюх па ласцы Божай вярнулася ранейшае здароўе.

    Пані Паўлава-Струсовічава, на імя Юдыта, таксама моцна хварэла, але калі звярнулася ў Буду да Маці Божай, — ачуняла.

  • ГОД 1649

    Пан Міхал Казімір Карніцкі, які жыве ў Мінскім ваяводстве, ехаў з вялікім паслом Вялікага Княства Літоўскага, яго міласцю панам Пятром Вёнзевічам, падкаморым мсціслаўскім, у Маскоўскую сталіцу, па дарозе так захварэў на вочы, што далей ехаць не мог. Але калі ў Дарагабужскім касцёле даў абяцанне наведаць Будскі абраз, дзякуючы заступніцтву Панны вочы яго аздаравіліся.

    Яго міласць пан Мікалай Пац, стараста крычаўскі, цяжка хворы, па дарозе ў Багданаве ледзьве не развітаўся з белым светам. Але калі pro festo Annuntiationis (на свята Звеставання) даў абяцанне пабываць у Будзе, ачуняў. Аднак, не выканаўшы таго свайго абяцання, ва ўказаны дзень не ў Будзе, а ў Дрысвяце быў, і ў той жа дзень захварэў, і жонка ўжо аплаквала яго. Але калі сваё абяцанне, у Багданаве дадзенае Пану Богу і Яго Найсвяцейшай Маці, аднавіў, у шэсць гадзінаў з ласкі Божай ачуняў, пра што так піша ў сваёй аб тым атэстацыі: «Пашана і хвала Усемагутнаму Богу, у Тройцы Святой Адзінаму, а Найсвяцейшай Беззаганнай Панне Марыі, маёй апякунке, праз дапамогу і пасрэдніцтва якой я, двойчы маючы здароўе ў небяспецы, ачуняў, — вернаць да магілы».

    Юры Гаваціч, сын Рыгора Гаваціча з мястэчка Даўгінава, што належыць вяльможным іх міласцям панам Рудамінам, адчуваў такі востры боль ад пухліны на галаве, што даходзіў да вар’яцтва. Калі ж пасля трох дзён блукання па лясах яго знайшлі і прывялі ў Буду і маліліся над ім, пухліна лопнула і з ласкі Божай ён зрабіўся здаровым.

    Аляксандр Скіпар, сын Яна Скіпара, жыхара Мінскага ваяводства, цяжка хварэў і быў амаль на парозе смерці, але, прысвечаны Будскаму абразу Найсвяцейшай Панны, у той жа час, усім на здзіў, з Божай дапамогай і праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны аздаравіўся.

    Пан Леў Аляксандр Хаіноўскі, жыхар Мінскага ваяводства, быў пры смерці і з надзеяй даў абяцанне Будскаму абразу Найсвяцейшай Панны і з Яе дапамогай атрымаў поўнае здароўе.

    Ян Хрызастом Слізень, сынок яго міласці Аляксандр Слізня, падстолія ашмянскага, нарадзіўся ад маці сваёй, яе міласці пані Тэадоры, народжанай Мялешка, мёртвым, і перад абразом Найсвяцейшай Панны, які ў той час знаходзіўся ў доме, з вялікай верай і плачам бацькоў над сынам сваім першынцам, быў прысвечаны цудоўнаму Будскаму абразу і ў закон абяцаны ў кляштар, які знаходзіўся ўсяго за мілю ад дома іхняга, і немаўля ажыло і дагэтуль, дзякуючы заступніцтву Найсвяцейшай Панны, з Божай дапамогай жыве і здаровае. Той жа яго міласць пан Слізень, падстолій ашмянскі, які за некалькі тыдняў да таго цуду і такой вялікай ласкі Божай, на месцы Будскам атрыманай, пісаў да мяне ліст, прыведзены вышэй у гэтай кнізе, у якім сам па сваёй волі, даведаўшыся толькі, што я задумаў выдаць кніжку пра гэтыя цуды, напісаў пад моцнай прысягай, прызнаючы, што на тым Будскім месцы ёсць consolatio affictorum, гэта значыць суцяшэнне засмучаных, якія шчыра імкнуцца пад крылы гэтай Арліцы Нябеснай. Такім чынам, слухай усякі тое, якая ёсць ісціна і амаль што Боскае сведчанне цудоўнага гэтага месца пра Абраз Найсвяцейшай Панны, а не менш і таму, як Бог веруючым у Яго і ў Яго Боскую дапамогу падае і дасылаць робіць ласку на тым месцы Будскім сваё Боскае выратаванне і суцяшэнне ў нягодах праз сваю Арліцу Нябесную, гэта значыць моцнае заступніцтва Маці Сына Свайго.

    Пан Андрэй Трабніцкі, у цяжкай гарачцы немалы час лежачы і ўжо блізка да смерці, пасля абяцання наведаць Абраз Будскі вярнуўся да ранейшага здароўя.

    Пан Ласкі цяжка хварэў, быў амаль пры смерці, але калі ягоны сын даў абяцанне да абраза Найсвяцейшай Панны ў Будзе, то ачуняў і выканаў гэтае абяцанне.

Выкарыстаны матэрыялы з кнігі
Кс. Уладыслава Завальнюка
История Будславской базилики // Pro Chrisro. 1998.


«Тут хвалу нашага Бога і майго Сына, і маё заступніцтва заўсёды будзеце мець. Гэтае месца я выбрала сабе як надзейны прытулак грэшным людзям.»
з аб'яўлення Маці Божай у Будславе
Рэлігійная абшчына «Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі»
Рэспубліка Беларусь, Мінская вобл., Мядзельскі р-н., аг. Будслаў, вул. Чырвоная плошча 8
УНП 600195666

+375 (1797) 4-87-70
+375 (29) 365-83-01

email парафіі: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.