Сённяшні Будслаў — гэта невялічкая вёска ў Мядзельскім раёне Мінскай вобласці, але яна мае багатую гісторыю. На працягу сваёй гісторыі Будслаў з’яўляецца адным з самых папулярных марыйных санктуарыяў айцоў-бэрнардынаў. У 1504 г. князь літоўскі і кароль польскі Аляксандр Ягелончык аддаў манахам бэрнардынам 600 моргаў1 лесу ў Мінскім павеце паміж рэчкамі Сэрвеч, Турака і Зуйка. У тым жа годзе манахі пабудавалі для сябе часовыя шалашы, якія называліся будамі, а таксама невялічкае памяшканне для цэлебравання святой Імшы і набажэнстваў. Браты былі адпраўлены сюды з Вільні, каб сплаўляць дрэва ў віленскі кляштар. Манахаў спачатку было двое, пасля — трое, а ў палове ХVІ ст. — чацвёра. Браты вялі замкнёнае пустэльніцкае жыццё. Гэта трывала да 80-х гадоў ХVІ ст., калі пустэльня на Сэрвечы стала вельмі папулярнаю дзякуючы цудоўнаму аб’яўленню Маці Божай, якое адбылося каля 1588 г. У хуткім часе (у 1589 г.) тут была пабудавана вялікая драўляная капліца для шматлікіх пілігрымаў і вандроўнікаў, што прыходзілі ў гэтае асаблівае месца. Капліца была асвячоная ў 1591 г. віленскім біскупам Кіпрыянам, які належаў да ордэна дамініканаў. У ёй змясцілі абраз Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, прывезены з Вільні. З таго часу гэтае месца пачало называцца Будаю і Будславам.
Ян Павел IІ, Папа, дадзена навечна
Найсвяцейшая Панна Марыя — вобраз Касцёла, Зорка ранiшняя адроджанага праз ласку роду чалавечага, прыклад i трывалая надзея для ўсiх, хто iмкнецца да Нябеснага Валадарства Ерузалем, святло ўсходу. Таму на працягу стагоддзяў Касцёл няспынна выпрошваў дапамогу Мацi Божай і гучна праслаўляў Яе цноты.
Паколькi шаноўны наш Брат Кардынал Казiмiр Свёнтэк, арцыбiскуп Мiнска-Магiлёўскi лiстом ад 29 сакавiка, у якiм змешчаны просьбы духавенства i вернiкаў, выказвае пажаданне, каб ад нашага iмя i нашым высокім аўтарытэтам шляхетная карона магла быць ускладзена на адораны ласкамi абраз Багародзiцы, якi ў касцёле Мацi Божай Унебаўзятай у мястэчку Будслаў карыстаецца глыбокаю пашанаю, мы хочам да гэтай пабожнай просьбы добразычлiва аднесцiся.
Таму, беручы пад увагу ўсё тое, чым Кангрэгацыя Божага Культу i Дысцыпліны Сакрамэнтаў сілаю атрыманых ад нас паўнамоцтваў у гэтай справе валодае, моцаю нашай апостальскай улады дазваляем іерарху, якi нас просiць, каб на вышэйзгаданы Абраз ад нашага iмя i нашаю ўладаю ён урачыста ўсклаў каштоўную карону. Маем моцную надзею, што марыйны культ сярод людзей паўплывае на ўзрастанне веры i хрысцiянскага жыцця. Нiякія iншыя законы не могуць гэтаму перашкодзіць.