Аляксандр Ярашэвіч

Цудатворны абраз Маці Божай Будслаўскай

Цудатворны абраз Маці Божай Будслаўскай.

У бэрнардынскім касцёле Унебаўзяцця Панны Марыі ў Будславе ўжо больш за чатыры стагоддзі знаходзіцца абраз Маці Божай, шырока вядомы ў XVII–XVIII стст. як цудатворны. У наш час імкліва адраджаецца яго шанаванне.

Хроніка кляштара сведчыць, што ў 1598 г. абраз быў падараваны ў Рыме папам Кліментам VIII мінскаму ваяводу Яну Пацу, калі той перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва. У надпісе на дошцы абраза паведамляецца пра гэты факт, але дата падзеі не змешчана. Ваявода вельмі цаніў абраз і ў паходах заўсёды вазіў яго з сабою. Пасля смерці Паца (1610 г.) абраз застаўся яго капелану Ісаку Салакаю, які неўзабаве стаў даўгінаўскім вікарыем. У 1613 г. у Вялікі чацвер і Вялі­кую пятніцу Салакай быў у Будзе. Узрушаны набажэнствам, а таксама просьбамі айцоў бэрнардынаў, якія ведалі пра прыгожы абраз, ён ахвяраваў яго касцёлу ў Будславе «і там у законе св. Францішка сваё жыццё закончыў».

Абраз быў змешчаны ў драўляным касцёле і адразу стаў карыстацца пакланеннем простага люду, праславіўся цудамі і ласкамі, а ў 1635 г. быў перанесены ў галоўны алтар на месца ранейшага абраза «Наведзіны Марыяй Альжбеты», які быў адпраўлены ў віленскі кляштар.

Гісторыя і цуды абраза, пачынаючы з 1617 г., былі апісаны гвардыянам будскага кляштара Элеўтэрыем Зеляе­вічам у кнізе «Задыяк на зямлі». Аўтар, спасылаючыся на антычныя крыніцы і Біблію, аддае на­лежнае фундатарам кляштара Долматам-Ісайкоўскім, узнёсла апісвае будскую мясцовасць і гісторыю ўзнік­нення кляштара, сведчыць аб пілігрымках сюды на свята Унебаўзяцця Багародзіцы вернікаў з-пад Полацка, Браслава, Віцебска, Мінска, Ашмянаў. Характэрна, што да шанаванага абраза прыходзілі не толькі рыма-католікі, але і уніяты, а іх даўгінаўскія святары «са сваёй кампаніяй» штогод цэлебравалі тут «грэчаскае набажэнства».

Абраз без шатаў;
стан на момант заканчэння рэстаўрацыі.

Пасля Зеляевіча абраз быў лаканічна апісаны ў кнізе віленскага прафесара, езуіта А. Віюка-Каяловіча аб літоўскіх святынях і дзякуючы яму трапіў у еўрапейскія марыялагічныя кампендыі Вільгельма Гумпенберга (Atlas Marianus, 1657 i 1672 гг.) і Ганса Шэрара (1702 г.). Не вядомыя нам, не названыя кнігі пра абраз згадваюцца ў вопі­се кляштарнай бібліятэкі ў Будславе за 1822 г. У гэты час яшчэ захоўвалася на месцы рука­пісная Кніга цудаў Маці Божай Будскай, а таксама тры гравёрныя дошкі з выяваю абраза. У 1818–1825 гг. прафесар Раймундус Пятровіч друкаваў у Будславе песні аб Найсвяцейшай Панне Марыі і штыхаваў яе абразкі. На жаль, ні дошкі, ні штыхі пакуль што не знойдзены, невядомы лёс і згаданай Кнігі цудаў.

Для належнага размяшчэння цудатворнага абраза ў святыні быў пабудаваны уні­кальны алтар са шматлікімі скульптурамі, які захаваўся да нашага часу. Як даводзіць прафесар Ежы Кавальчык (Варшава), праект кампазіцыі алтара, адзінай такога роду на прасторах тагачаснай Рэчы Паспалітай, хутчэй за ўсё, належыць каралеўскаму архітэктару Джавані Гіслені. Тады ж бэрнардынамі-злотнікамі Геранімам Плёнскім і Бэнэдыктам Росманам была выканана срэбраная аздоба абраза: сукенка і ажурная рама. Падчас нашэсця войскаў цара Аляксея Міхайлавіча (1655–1661 гг.) бэрнардыны вывозілі абраз у Саколку (на тэрыторыю цяперашняй Польшчы), адкуль ён быў вернуты ў 1665 г.

Начная адарацыя цудатворнага абраза ў свята Маці Божай Будслаўскай.
Фотаздымак, зроблены з хораў святыні.

Натуральна, што будскі абраз карыстаўся шанаваннем найперш у літоўскай правінцыі бэрнардынаў: у некаторых іх касцёлах Маці Божай Будскай былі прысвечаны асобныя алтары (у прыватнасці, у Магілёве, дзе копія абраза таксама славілася цудамі). Са скасаваннем ордэна бэрнардынаў папулярнасць абраза лакалізавалася. Тым не менш, у «Каталогах Віленскай дыяцэзіі» 1920–1930 гг. сярод дзесяці цудатворных абразоў Маці Божай у касцёлах указаны і будслаўскі. У наш час абраз Маці Божай Будслаўскай стаў агульнабеларускаю святыняю, сведчаннем чаго з’яўляецца каранацыя абраза папскімі каронамі.

Абраз намаляваны алеем на палатне, нацягнутым на дошку памерам 72х65 см. Іканаграфія належыць да тыпу Адзігітрыі, але трактаваная больш свабодна, у духу італьянскага Рэнесансу. Маці Божая паказана па пояс, у чырвонай сукенцы, белым галаўным уборы і цёмна-зялёным мафорыі з карункавым шлякам. Твар мае пра­вільныя рысы, мадэліроўка аб’ёму — святлоценявая, левая палова — у глыбокім ценю.

Дзіця на левай руцэ Багародзіцы намалявана ў свабоднай позе, у светлым хітоне і цёмна-жоўтым плашчы. Ручкі працягнутыя да Маці: правай рукой Езус благаслаўляе, а левай нібы падае Маці плод граната — сімвал вечнага жыцця, а таксама Касцёла, шматлікіх вернікаў якога ўвасабляюць зярняткі. Твар прыгожы, з тонкімі рысамі, позірк скіраваны да гледача, на вуснах далікатная ўсмешка. Ножкі Дзіцяці скрыжаваныя, як на абразе Багародзіцы Ціхвінскай. Фон высветлены, німбы вохрыстыя, расчэрчаныя вострымі праменямі.

У свята Маці Божай Будслаўскай – пілігрымы перад цудатворным абразом, змешчаным у галоўным алтары будслаўскай святыні.

На абразе ацалела дасканалая срэбраная шата, арнаментаваная пазалочанымі, свабодна раскіданымі далікатнымі кветкамі, і карона з каштоўнымі камянямі. Абраз змешчаны ў срэбранай раме з арабескавым арнаментам у стылі позняга рэнесансу. У арнамент упісаны фігуры св. Казіміра і, верагодна, св. Алены, імператрыцы. Гэтае аздабленне належыць да лепшых узораў злотніцкага майстэрства на Беларусі.

У пачатку 1990-х гг., пры рэстаўрацыі абраза В. Лукашэвічам, палатно было знята з дошкі, дубліравана, грунт і фарбавы слой замацаваныя, месцы стратаў за­грунтаваныя і таніраваныя. Паднаўленняў жывапісу не выяўлена. Пад палатном на дошцы аказаўся лацінскі надпіс з каштоўнымі звесткамі аб пачатковай гісторыі абраза і алтара:

Укрываюся ў гэтым Тваім табэрнакулюме, цудоўным табэрнакулюме Бога,  нягодны грэшнік бр. Элеўтэрый, дагэтуль няварты кіраўнік Будслава, які дзеля вечнай хвалы Бога, з Цябе народжанага, і дзеля Твайго, мая надзея ад гру­дзей маці маёй, вечнага гонару і пашаны паклапаціўся, каб паўстаў гэты алтар пры Тваім троне. Малю Цябе праз ЕЗУСА, Твайго Сына, у дзень нядолі маёй абараняй мяне, укрытага ў Тваім табэрнакулюме.

Для вечнай пямяці пра справу трэба ведаць, што гэты цудоўны абраз Слаўнай Дзевы Багародзіцы паходзіць з Рыма, бо быў дадзены як залог любові Найвышэйшым Святаром Кліментам VIII вялебнаму пану Яну Пацу, кашталяну мінскаму, пазней сюды, у Будслаў перададзены высокашаноўным панам Ісакам Салакаем, колішнім камендарыем Даўгінава, каля года Панскага 1613.

Аздоблены гэтымі срэбранымі шатамі айцом Фларыянам Калецкім з нашага закона, вялікім шанавальнікам гэтага месца, клопатам якога і коштам бацькоў ягоных па большай частцы гэты касцёл вымураваны каля года Пан­скага 1637.

МАЛІСЯ ЗА НАС УСІХ

Найсвяцейшая Маці Божая, Дзева

За шаноўнага Фларыяна, які аздобіў [абраз], за мяне, нягоднага брата Элеўтэрыя, які паклапаціўся аб тым, каб паўстаў гэты алтар, за Пятра Грамеля, які [яго] пабудаваў,  за айца Гераніма Плёнскага і брата Бенедыкта Росмана, братоў законных, залатароў, якія сваёю працаю ўкаранавалі гэтую срэбраную справу ў год Панскі 1649, і так укрытых прадстаў нас Твайму Сыну.

Лацінскі надпіс на дошцы пад палатном абраза з каштоўнымі звесткамі аб пачатковай гісторыі абраза і алтара.

Цуды будскага абраза Маці Божай

Апісваючы ў кнізе «Задыяк на зямлі» будскі абраз Маці Божай, як пра пры­клад цудоўнага ўздзеяння, гвардыян будскага кляштара Элеўтэрый Зеляевіч апавядае пра пераход з кальвінізму ў каталіцтва падстолія мінскага ваяводства Юрыя Зяновіча, пані Пузынінай, Тэадора Катарэвіча з Полацкага ваяводства (1650 г.), сведкам чаго быў ён сам. Аўтар з жалем адзначае, што даўнейшыя сведчанні аб ласках абраза, напісаныя на паперы, былі прыклеены на сцены драўлянага касцёла і многія прапалі, калі яго хутка і неашчадна разабралі. Тым не менш Зеляевічу ўдалося апісаць 42 цудоўныя аздараўленні ад розных хваробаў і няшчасных выпадкаў праз ахвяраванне будскаму абразу.

– Язафат Тышкевіч, калі было яму 5 гадоў, цяжка захварэў, аслеп на абодва вокі і цэлы год нічога не бачыў. Калі ж засмучаныя бацькі — Павел Тышкевіч, троцкі суддзя земскі, і Цэцылія Асмольская — з вялікай надзеяй і верай у дзень Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі прывялі Язафата ў будскі касцёл, то як толькі хлопчык пераступіў парог касцёла, па ласцы Божай стаў бачыць. Ён застаўся ў кляштары як жывы сведка цуду, а пазней стаў знакамітым ксяндзом кармэлітам, прыёрам кляштараў у Вільні, Глыбокім і Варшаве  (1617 г.).

– Айцец Рэжынальд Тышкевіч з Кангрэгацыі св. Дамініка ў дзіцячым узросце аж сем гадоў цяжка хварэў. І калі ўжо, на дыване пакладзены, паміраў, а маці ягоная, жонка полацкага суддзі, у горы і роспачы з вялікім плачам прысвяціла яго таму ж абразу Найсвяцейшай Панны і ў манахі аддаць абяцала, то адразу ж зрабіўся здаровым. Ён жа, калі быў паранены ў твар так, што вока ледзь не выцекла, пры­свяціў сябе абразу і адразу ж зрабіўся здаровым (1617 г.).

– Палонія Ягальская так нагамі пакутавала, што некалькі гадоў з ложка не ўставала. І калі ўжо страціла на­дзею атрымаць дапамогу ад людзей, з’явілася ёй у сне Найсвяцейшая Панна са словамі: «Чаму ж не прыйдзеш да Майго абраза ў Будзе? Там будзеш аздароўленая». Прачнуўшыся, як толькі дала абяцанне, адразу ж ачуняла (1634 г.).

– Барбара Дзягінянка, служанка пані Яжыны Зяновіч, так цяжка захварэла, што як толькі паспавядалася і атрымала Святыя Дары, адразу ж памерла і не паспела нават праглынуць Святыя Дары, якія святар заўважыў толькі на наступны дзень і праз адкрыты рот з павагаю ў цэласці вынуў, лічачы яе памерлай. Але калі пані папрасіла святароў маліцца за нябожчыцу і сама тры дні амаль бесперапынна малілася перад цудатворным абразом Найсвяцейшай Панны ў Будзе, з вялікай верай і надзеяй просячы вярнуць жыццё і здароўе гэтай яе служанцы, то на чацвёрты дзень пасля малітваў і літаніі да Найсвяцейшай Панны служанка паднялася са стала, на якім ляжала, прыбраная для пахавання, цалкам здаровая, быццам і не хварэла ўвогуле (1638 г.).

– Ганна Абрамовіч, падданая пана Януша Кішкі, пайшла ў нядзелю ў грыбы, і з’явілася ёй у тым лесе ў вялікім ззянні і прыгажосці Найсвяцейшая Панна. І калі дзяўчына, моцна спалоханая, хацела схавацца, то пачула голас: «Чаму хаваешся? Ідзі сюды! Што гэта вы ў свята працуеце і тым зневажаеце Майго Сына? Ён вам шэсць дзён даў для працы, сёмы дзень абраў для сваёй хвалы, а вы і яго парушаеце? Ведай жа, што Сын Мой гэтым разгневаны». У знак гэтага Найсвяцейшая Панна дакранулася да дзяўчыны сваёю рукою, ад чаго тая страціла мову. Цэлых тры дні дзяўчына, нічога не гаворачы, усё паказвала рукой у бок Буды, пакуль нарэшце бацькі не здагадаліся і не павялі яе ў будскі касцёл. Увайшоўшы ў касцёл і стаўшы перад абразом Найсвяцейшай Панны, яна ўсклікнула: «Вось гэтая Панна мне ў лесе аб’явілася і сваёю рукою дакранулася і сюды, да свайго абраза, загадала ісці» (1644 г.).

– Дачка пана Францішка Касакоўскага з Мінскага ваяводства пакутавала ад такога моцнага болю ў галаве і вачах, што левае вока ад нясцерпнага болю выйшла з арбіты. І калі ўжо не было ніякай надзеі на аздараўленне, бацькі далі абяцанне каля абраза Найсвяцейшай Панны, і дачка адразу ж ачуняла, быццам ніколі і не хварэла. І другім разам, калі тая ж дачка ад вялікай пухліны была амаль пры смерці, бацькі зноў даручылі яе таму ж абразу, і яна адразу ж ачуняла (1645 г.).

– Пан Казімір Сулістроўскі, калі пад ім маланкай забіла каня, а самому апаліла рукі і галаву, шэсць тыдняў пакутаваў ад моцнага галаўнога болю і заснуць не мог; але, прыве­дзены ў Буду, з Божаю дапамогаю паправіўся (1646 г.).

– Пан Якуб Турскі так часта пакутаваў ад моцнага галаўнога болю, што да вар’яцтва даходзіў. Але калі ён пры­свяціў сябе абразу Найсвяцейшай Панны ў Будзе, Пан сваёю ласкаю і па хадайніцтве Найсвяцейшай Панны пазбавіў яго гэтага болю (1648 г.).

– Пані Валадкевіч, праваслаўная, 12 сакавіка 1648 г. прыехала ў Буду і дзякуючы Пану Богу за тое, што яе сыночак ачуняў праз яўнае заступніцтва Найсвяцейшай Панны, перад мноствам людзей, духоўных і свецкіх, якія былі на той час у Будзе, так сведчыла: «Сынок мой цяжка за­хварэў і тры дні ўжо не размаўляў, а калі я над ім горка плакала, ён раптам загаварыў: „Адыдзі, адыдзі, мама. Сюды прыходзіла высакародная і велічная Пані. <...> Вядзі мяне як мага хутчэй у Буду, туды гэтая высакародная і прыгожая Пані загадала мяне адвесці, і там я адразу ачуняю“. 
І адразу ж падняўся з ложка, а я, прыехаўшы з ім сюды, дзякую Пану Богу і Найсвяцейшай Панне за гэтую ласку».

– Ксёндз Лаўрэн Хшчаноўскі, плябан хожаўскі, паслаў свайго слугу ў Буду з такім лістом да айцоў, якія там жылі: «Вялебныя і высокашаноўныя ў Хрысце айцы. Гэты няшчасны хлопчык пакутаваў ад такой жахлівай хваробы ўвесь мінулы год, што тры чвэрці года запар біўся галавою, у яго аднімалася правая рука, ён закочваў вочы так, што страшна было глядзець. І калі я ў гэтай хваробе даў абяцанне прадставіць яго ў Буду, то з ласкі Божай і праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны хвароба гэтая мінула. Таму, каб споўніць пабожныя абяцанні, пасылаю яго ў Буду для здзяйснення набажэнства і на святую Імшу і пакорна прашу, каб гэтая святая Імша была цэлебравана на хвалу Благаслаўлёнай Панны» (1648 г.).

– Альжбета Заборская з Браслава, Кацярына Вайнянка, ашмянскі шляхціц Мікалай Хадасовіч, Габрыэль Куроўскі, Дадзьбог Вільколевіч, Міхал Карніцкі з Міншчыны, плябан Паляскі з Кораня, прэзбітэр Кастроўскі з Мінска, крычаўскі стараста Мікалай Пац і шмат іншых вылечыліся, звярнуўшыся да буд­скага абраза.

– Асобна стаіць эпізод з Янам Вронскім, ротмістрам надворнай харугвы Яна Кішкі, вялікага гетмана ВКЛ і ваяводы полацкага. Ранены ротмістр трапіў у 1632 г. у маскоўскі палон і змог шчасліва вярнуцца дзякуючы абяцанню перад абразом яго таварыша Лукі Уладоўскага падараваць за вяртанне сябра 10 злотых на карону для Дзіцяці. Нагадаем, што ў наступным годзе Ян Кішка стаў разам з віленскім гвардыянам Фларыянам Калецкім і сямействам Долматаў-Iсайкоўскіх фундатарам мураванага касцёла.

 

На жаль, нам не вядомы далейшыя цуды абраза Маці Божай Будслаўскай, таму што кніга іх запісаў знікла, верагодна, пры касацыі кляштара.


«Тут хвалу нашага Бога і майго Сына, і маё заступніцтва заўсёды будзеце мець. Гэтае месца я выбрала сабе як надзейны прытулак грэшным людзям.»
з аб'яўлення Маці Божай у Будславе
Рэлігійная абшчына «Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі»
Рэспубліка Беларусь, Мінская вобл., Мядзельскі р-н., аг. Будслаў, вул. Чырвоная плошча 8
УНП 600195666

+375 (1797) 4-87-70
+375 (29) 365-83-01

email парафіі: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.