Заплечнік пілігрыма

Пілігрымка  ‒ гэта не паход, а час духоўных разважанняў, спалучаных з фізічнымі цяжкасцямі і пэўнымі абмежаваннямі. Таму варта загадзя паразважаць над інтэнцыяй, з якой пілігрым будзе крочыць у Будслаў.

Пілігрым звычайна рыхтуе два заплечнікі: першы ‒ сумка (чамадан ці вялікі заплечнік), у якую змяшчае асноўныя рэчы і якая выдаецца на начлег, а раніцай адвозіцца на наступнае месца начлегу. А таксама меньшы заплечнік з ежай, вадой і іншымі патрэбнымі ў дарозе рэчамі, які носіць пры сабе.

  • Пашпарт (можа быць скан дакумэнту), грошы. Яны спатрэбяцца падчас рэгістрацыі, а так сама пры вяртанні дамоў. Як правіла, пілігрымы ідуць у адзін бок – назад вяртаюцца на транспарце.

  • МедыкаментыЭластычны бінт, мазольны пластыр, лекі, звязаныя з індывідуальнымі хваробамі. Ферменты дапамогуць пры пераяданні, актываваны вугаль – пры атручванні. У аптэчцы кожнага павінны быць аналгетыкі, спазмалітыкі і сімптаматычныя прэпараты пры прастудзе. Не будуць лішнімі лекі супраць алергіі: звышадчувальныя рэакцыі арганізма могуць быць на што заўгодна і сустракаюцца ўсё часцей.

  • Сродкі гігіены. Каб абмываць рукі перад прыёмам ежы, падчас прыпынкаў у дарозе, спатрэбіцца мыла або антыбактэрыяльны гель, невялікі ручнічок. Так сама вазьміце ў дарогу дзіцячую прысыпку, хустачкі, вільготныя сурвэткі, сонцаахоўны крэм і акуляры ад сонца. Не забудзьце ўзяць крыху туалетнай паперы.

  • Посуд. Улічваючы паходныя ўмовы, рэкамендуецца браць з сабой небіткі посуд (пластмасавы). Кубак, лыжка, талерка, бутэлька для вады. Што-небудзь пад’есці – крэкеры, кансэрвы, арэхі і г.д.

  • Галаўны ўбор. Капялюш, бейсболка, берэт, касынка. Найбольш прыдатны з пералічаных – з палямі, таму што такі галаўны ўбор закрывае не толькі валасы і скуру галавы, але і твар (палі адкідваюць цень). Найлепшы варыянт – з ушытай сеткай, дзякуючы якой галава не пераграецца. Можна так сама, ўзяць з сабой вялікую хусту, шаль, ці кавалак баваўнянай тканіны (змочаная вадою  у спякотны дзень яна ахалоджвае і засланяе адразу твар і рукі ад сонейка).

  • Адзенне цішоткі, кашуля, каб рукі прыкрыць. Штаны, даўжэйшая спадніца, бо сонца ногі не шкадуе. Шкарпэткі (у залежнасці ад патрэб) — некаторыя пілігрымы накладаюць адразу 2 пары, спачатку тонкія, баваўняныя, а зверху ваўняныя.

  • Непрамакальнае адзенне. Дажджавік, вятроўка, воданепранікальная куртка і штаны. Кожны выбірае для сябе найбольш прыдатны варыянт. Часцей за ўсё пілігрымы карыстаюцца дажджавікамі: яны лягчэйшыя і не займаюць шмат месца ў заплечніку. Не будзе лішнім запасны камплект. Парасон, у выпадку пілігрымкі, не найлепшы варыянт.

  • Зручны абутак. Найлепшы варыянт – трэкінгавыя боты. Як іх няма, тады 2 пары абутку: красоўкі, басаножкі або сандалі. Калі адна пара пачне націраць ногі, яе можна будзе замяніць на другую. Не рэкамендуецца браць з сабой новы абутак: ён яшчэ не разношаны, ногі да яго не прывыклі. Не зусім зручны абутак з тонкай падэшвай: падчас пілігрымкі даводзіцца ісці па розных дарогах, у тым ліку – з жвіровым пакрыццём.

  • Палатка, спальнік, карэмат альбо іншая посцілка, прыдатная для сядзення ці ляжання на адпачынку. Усе гэтыя рэчы могуць спатрэбіцца для начлега. Не заўсёды пілігрым спыняецца ў доме, часам даводзіцца начаваць у касцёлах, спартыўных залах, дамах культуры і інш. У гэтых выпадках спатрэбіцца спальнік і карэмат. А калі прыпынак на вуліцы – палатка.

У вялікую сумку злажыце прадметы асабістай гігіены — расчоска, зубная шчотка і паста, мыла і шампунь, гігіенічныя пракладкі. Рушнік, каб было чым увечары выцерціся. Падбярыце адзенне для начлегаў – у залежнасці ад таго дзе начуеце,  вазьміце патрэбную колькасць асабістай бялізны, шкарпэтак, сланцы – каб ногі ўвечары адпачылі. Не лішнімі будуць так сама крэмы для стомленых ног. Магчыма спатрэбяцца шпількі, ніткі, іголка, нажнічкі, скотч.

Памятаючы пра тое, што пілігрымка – гэта духоўнае паломніцтва, варта ўзяць з сабой рэлігійныя дапаможнікі для разважанняў аб Богу і сабе. Фотаапарат і нататнік з асадкай, каб запісаць свае ўражанні і e-mail новага сябра. А яшчэ вопытныя пілігрымы раюць браць з сабой маленькія падаруначкі гаспадарам на начлегах! Ну і не забудзьце пра добры настрой і ўсмешку!

Паводле slowo.grodnensis.byold.catholic.by Рэд.: с. Таццяна Стасюкевіч CSFN



Рэлігійная абшчына «Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі»
Рэспубліка Беларусь, Мінская вобл., Мядзельскі р-н., аг. Будслаў, вул. Чырвоная плошча 8
УНП 600195666
+375 (1797) 3-13-99
+375 (1797) 3-13-73
+375 (29) 365-83-01
Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.