З моманту пажару зрабілі неабходную праектную дакументацыю, у адпаведнасці з ёй усталявалі кроквавую сістэму і накрылі базыліку часовым дахам. Новыя кроквы — гэта металічныя фермы, якія не толькі нясуць дах, але і з’яўляюцца своеасаблівымі сцяжкамі для скляпенняў у верхняй частцы будынку. Папярэднія кроквы з дрэва такой дадатковай функцыі не выконвалі: яны проста абапіраліся на сцены. Акрамя таго, яны стаялі часцей, а металічныя фермы даюць магчмасць зменшыць колькасць матэрыялу, што заўважна аблегчыла агульную вагу канструкцыі.
Да зімы накрылі касцёл часовым дахам з ацынкаванага прафіляванага насцілу. Зрабіць капітальны новы дах з медзі не атрымалася з дзвюх прычын: не хапала часу і сродкаў. Для меднага даху, які, дарэчы, вельмі дорага каштуе, спатрэбіцца таксама драўлянае акратаванне, і ўжо на яго будзе насцілацца чарнавы дах і медзь. Пакуль нашай задачай было накрыць скляпенне, якое і так моцна пацярпела ад вады падчас тушэння пажару і моцных дажджоў, якія часта ішлі сёлета. З гэтай задачай, дзякуй Богу, справіліся. Таму цяпер ужо адпала неабходнасць у зробленых намі напачатку спецыяльных прыстасаваннх, якія па рукавах адводзілі ваду са скляпенняў, і яны былі разабраныя, пасля чаго мы пачысцілі гзымсы.
За ўсё, што было зроблена дзякуем ўсім ахвярадаўцам, якія збіралі на гэта сродкі, валанцёрам, якія дапамагалі разбіраць завалы, прыбіралі смецце і рабілі шмат іншай карыснай і патрэбнай працы, а таксама будаўнікам, які працуюць на касцёле без выходных, вахтавым метадам.
Спадзяемся, што да ўрачыстасці Усіх Святых адновяцца набажэнствы ў касцёле!