Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр у Будславе: Матчын позірк Марыі — найбольшы падарунак
Нягледзячы на зацяжныя дажджы, сёлета на ўрачыстасцях у Будславе адчувалася тая самая атмасфера, як і 20 гадоў таму, калі кардынал Казімір Свёнтэк усклаў на цудатворны абраз Маці Божай Будслаўскай папскія кароны.
Цэлебрацыю галоўнай св. Імшы ў дзень урачыстасці ўзначаліў прадстаўнік папы Францішка ў нашай краіне Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр.
«Я вельмі ўдзячны, што гэты санктуарый застаўся такім, якім і быў, і якім заўсёды павінен быць: месцам веры і малітвы, месцам аднаўлення, пакаяння, месцам святочных літургій, месцам, дзе мы перажываем Касцёл, як мацярынскую супольнасць, якая нас падтрымлівае, месцам сустрэчы, месцам гасціннасці»,— зазначыў прадстаўнік Папы і дадаў:
«Усім вам перадаю прывітанне Святога Айца Францішка, які добра ведае вашу жывую веру і любоў да нашай нябеснай Маці Марыі».
Гэтыя словы Апостальскага Нунцыя суцешылі вернікаў, якія не пакідаюць надзеі, што калісьці нага наступніка святога Пятра, які неўзабаве наведае краіны Балтыі, ступіць таксама на беларускую зямлю.
Працягваючы думку папы Францішка, арцыбіскуп Пінтэр дадаў:
«Сёння ў Будславе мы з вамі таксама можам сказаць, што атрымалі ў падарунак позірк Божай Маці. Як і Святы Айцец у Чэнстахове, молячыся перад абразом Марыі з Яснай Гары, так і мы тут, стоячы на каленях перад святым алтаром Будслаўскай Багародзіцы, сапраўды атрымліваем у падарунак Яе позірк, позірк Маці».

«Прызнаемся шчыра, што гэтага нам часта балюча не стае. Таму, стаміўшыся, мы шукаем прысутнасці Айца ў любячым і суцяшальным позірку Марыі, просячы Яе аб матчыным заступніцтве», — вызнаў іерарх, адзначыўшы, што гэтая супольная малітва сведчыць пра еднасць у веры з іншымі братамі і сёстрамі, дапамагае адчуць, «што мы належым адзiн аднаму, што мы — народ, які любіць Бога».

Напрыканцы іерарх падзякаваў удзельнікам урачыстасці за прысутнасць і паабяцаў расказаць пра іх саміх і пра іх веру Святому Айцу Францішку.
«Я бачу, што вы ганарыцеся тым, што вы — католікі і беларусы. Пра гэта сведчыць вашае нястомнае жаданне ісці да Марыі, а таксама безліч сцягоў і плакатаў, якія вы прынеслі сюды. Божа, благаславі Беларусь і яе цудоўны народ! Няхай Марыя благаславіць вас усіх, хто любіць Бога, хто любіць сваю Радзіму, хто любіць свае сем’і!»
— сказаў напрыканцы Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр і завяршыў сваю гамілію заклікам разам з Марыяй сказаць сваё «так» Богу: «Няхай мне станецца паводле Твайго слова».
Маці Божая Будслаўская, Нацыянальны санктуарый у Будславе, Арцыбіскуп Габар Пінтэр

