Моладзь у Будславе малілася за Сінод Біскупаў і дзялілася сваёй верай
12 і 13 кастрычніка больш за сто юнакоў і дзяўчат з розных парафій Беларусі маліліся ў Будславе за Сінод Біскупаў і дзяліліся з аднагодкамі тым, як яны перажываюць сваю веру.
Сваю сустрэчу ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай моладзь распачала супольнай малітвай на св. Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Іерарх распавёў удзельнікам сустрэчы пра адметнасці Сіноду Біскупаў, прысвечанага моладзі, які цяпер праходзіць у Рыме, і пажадаў ім плённа правесці час у малітве і разважанні пра сваё хрысціянскае пакліканне.

Кірунак гэтаму разважанню задаў у прамоўленай канферэнцыі адказны за душпастырства моладзі Fides кс. Павел Трон, пасля чаго юнакі і дзяўчаты засяродзіліся ў малітве падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, што да поўначы працягвалася перад цудатворным абразом Маці Божай Будслаўскай. У выніку ўражанняў хапіла настолькі, каб абменьвацца імі амаль да раніцы.

Абмен думкамі працягнуўся на наступны дзень у групах, якія былі сфармаваныя паводле колеру атрыманых удзельнікамі на пачатку сустрэчы бэйджаў. Маладым хрысціянам было прапанавана паразважаць над выказваннямі папы Францішка на тэму моладзі, а таксама адказаць на пытанні пра тое, як яны бачаць сустрэчы моладзі ў сваіх парафіях.

Калі падагульніць выказаныя меркаванні, можна адзначыць пэўнае падабенства ў тым, што жадае моладзь. Перадусім юнакі і дзяўчаты сапраўды хочуць, каб у іх парафіях праходзілі сустрэчы моладзі, бо, як казалі яны самі, для іх важна збірацца разам.

«Мы хочам размаўляць, а часам мы толькі слухачы, — напісалі яны сваім душпастырам. — Мы можам дзяліцца сваімдосведам! Мы маем ідэі і гатовыя ісці на кантакт».
Пры гэтым удзельнікі сустрэчы адзначылі, што часам ім бывае складана адкрыцца і падзяліцца чымсьці асабістым, але ў гэтым акурат могуць дапамагчы сустрэчы, размовы, супольныя выезды. На сустрэчах моладзь жадае перадусім маліцца, прычым з розных формаў малітвы маладым вернікам вельмі падабаюцца адарацыя і чуванне. Разам з тым яны хочуць дзяліцца сваёй верай у групах аднагодкаў, у нязмушанай сяброўскай атмасферы.
Маці Божая Будслаўская, Нацыянальны санктуарый у Будславе, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Моладзь, Сінод, Сустрэча моладзі
